Аб нацыянальным парку
Агульныя звесткі
На поўдні Беларусі на плошчы 6.1 млн га раскінулася шырокая Палеская нізіна, якая распасціраецца з захаду на ўсход больш чым на 500 км. Палессе – гэта дзіўны край нізін і раўнін, лясоў і балот, працятых шматлікімі рэкамі, рэчкамі і ручаямі, якiя павольна нясуць свае воды ў Прыпяць і ў Днепр, што ўпадае ў Чорнае мора.
У сярэднім цячэнні ракі Прыпяць размешчана Прыпяцкае Палессе. Менавіта тут, у міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Уборці і размешчаны Нацыянальны парк "Прыпяцкі".
Ландшафтныя асаблівасці
У затапляльнай бязлеснай частцы поймы на невысокіх грывах раскінуліся лугі з буянай травяністай расліннасцю і каларытнымі разгалістымі дубамі. У паніжэннях распаўсюджаны хмызняковыя і дрэвападобныя вербалозы, нізінныя балоты, старычныя азёры. У гэтых месцах гняздуецца мноства птушак. Увесну пойма заліваецца паводкавымі водамі, часам вада пакрывае да 80% тэрыторыі. Сюды, на мелкаводдзе заліўных лугоў і лясоў, прыходзяць на нераст касякi рыб: ляшча, шчупака, чахоні, плоткі, язя.
Лясы нацыянальнага парку лічацца найбольш захаваўшымicя сярод пойменных лясоў басейна Прыпяці і Дняпра. Яны ўнікальныя для ўсёй Усходне-Еўрапейскай раўніны. Багатай біяразнастайнасцю характарызуюцца дубровы, ясеннікі, драбналістыя лясы першай надпойменнай тэрасы, якія чаргуюцца ў паніжэннях з чорнаальшаннікамі, вярбовымі хмызнякамі і нізіннымі балотамі.
Другая надпойменная тэраса прадстаўлена найбуйнейшым у Яўропе масівам пераходных і верхавых балот плошчай каля 30000 га.
На поўдні парку на пясчаных грудах, градах і дзюнах водна-ледавіковай раўніны растуць тыповыя палескія хваёвыя бары.




Самабытная культура насельніцтва краю
Калі казаць пра людзей, якiя пражываюць на тэрыторыі нацыянальнага парку, трэба, перш за ўсё, ўспомніць аб такіх якасцях: сумленнасць, прастата, дабрыня і працавітасць. Гэтымi якасцямi заўсёды адрозніваліся продкі сялян-палешукоў, якiя здаўна пражывалі на гэтай тэрыторыі.
Год ад года расло ўменне палешука. Ён спасцігаў неабходныя навыкі працоўнага жыцця, асвойваў цяслярскія і сталярная справы, вучыўся плесці з лыка і бяросты, каваць у кузнi, вырабляць аўчыны і шкуркі пушных звяроў. Улетку з раніцы правяраў пасткі на рыбу, касіў сена, бортнiчаў, гнаў дзёгаць і смалу, сек лес; ўвечары займаўся рамонтам і вырабам рознага хатняга інвентара. Узімку паляваў на баравую птушку і звера, а вечарамі віў вяроўкі, вязаў сеткі, рабіў самаловы, корабы, посуд.